Фларыян Ждановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Фларыян Ждановіч
Імя пры нараджэньні Фларыян Паўлавіч Ждановіч
Род дзейнасьці Актор, рэжысэр
Дата нараджэньня 28 кастрычніка 1884(1884-10-28)
Месца нараджэньня Менск, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 20 кастрычніка 1942(1942-10-20) (57 гадоў)
Месца сьмерці Менск, Беларуская ССР, СССР
Бацька Павал Ігнатавіч Ждановіч
Маці Кацярына Антонаўна Ждановіч
Жонка 1) Пралеска, 2) Гелена (дзяв. Маеўская)
Дзеці Двое: дачка Ірына Ждановіч(be) (1906—1994)

Фларыя́н Па́ўлавіч Ждано́віч (1884; Менск, цяпер Беларусь — 1937, Менск) — адзін з заснавальнікаў прафэсійнага тэатру, актор, рэжысэр і грамадзкі дзяяч. Псэўданімы: Алесь Крэсік, Іван Карась. Брат Антона Ждановіча.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і службоўца банка. Быў першынцам з 6 дзяцей. Скончыў Менскую рэальную вучэльню. У 1902 годзе скончыў Варшаўскую драматычную школу. Працаваў акторам у польскіх тэатрах Беларусі. У 1907 г. вярнуўся ў Менск, дзе выступаў у тэатральнай трупе пры польскім спартовым таварыстве «Сокал» зь вершамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Далучыўся да беларускага культурніцкага руху. 15 жніўня 1913 у Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы «Паўлінка». Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Фларыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала. Падрыхтаваў мастацкую праграму «Беларускі кірмаш». Арганізаваў драматычны гурток, які пасьля паказу ў вёсцы Старое Сяло пад Менскам спэктакля «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазьбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на рускай сцэне.

Да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 працаваў у Менскай гарадзкой думе. У 1917 мастацкі кіраўнік Першага таварыства драмы і камэдыі ў Менску. У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатар. У 1919 г. паставіў у Вільні п’есу Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». У 1920 быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. 14 верасьня 1920 пад яго кіраўніцтвам у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Адначасова ў Наркамаце асьветы БССР курыраваў беларускія тэатры, быў рэжысэрам Беларускага савецкага тэатру, ставіў спэктаклі ў БДТ-3. З 1922 у акторскім складзе БДТ-1.

Ждановіч зрабіў шмат першых пастановак клясыкі беларускае драматургіі — Купалы, Коласа, Аляхновіча, Галубка, Каганца. Ён сам перакладаў на беларускую творы польскай, расейскай і ўкраінскай клясыкі.

У 1929 г. пакінуў Беларусь. У 1930 г. пераехаў зь сям’ёй у Саратаў (Расейская СФСР), дзе ўладкаваўся рэжысэрам-пэдагогам тэатральнай вучэльні[1]. 18 ліпеня 1930 году яго арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» й прысудзілі да 5 гадоў ссылкі, якую ён адбываў на Беламорканале. Але й пасьля яму не далі вярнуцца ў Беларусь.

8 ліпеня 1937 году Ждановіча арыштавалі ізноў і незаконна выраклі на расстрэл[2]. Рэабілітаваны ў 1956.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Да 130-годзьдзя заснавальніка беларускага тэатра Фларыяна Ждановіча // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 кастрычніка 2014 г. Праверана 24 кастрычніка 2014 г.
  2. ^ Ждановіч Фларыян // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 432. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]