Старажоўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Царква Сьвятой Марыі Магдалены

Старажоўка, Старажоўскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночнай частцы места, за Траецкай гарой. На захад ад прадмесьця знаходзіліся Старажоўскія могілкі. Часам Старажоўку звалі Пярэспай.

Старажоўка і Пярэспа, 1853 р.

На захад ад Старажоўкі пачынаецца Старосьцінская Слабада, на поўнач — Пярэспа, на паўночны ўсход — Камароўка, на поўдзень — Траецкае прадмесьце[1][2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажоўская царква, 1897 р.

Сваю назву прадмесьце атрымала ад вартаўнічай (старажовай) заставы, што знаходзілася пры выезьдзе зь места з боку Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў у Барысаўскім кірунку (цяпер гэта скрыжаваньне вуліц Максіма Багдановіча і Кісялёва).

З 1797 року Старажоўскімі пачалі называць і праваслаўныя могілкі, дзе ў 1847 року збудавалі мураваную царкву Сьвятой Марыі Магдаліны[3].

На пачатак XX ст. прадмесьце ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места. Праз Старажоўку праходзілі Мікалаеўская (цяпер Крапоткіна), Міхайлаўская (Камуністычная), Старажоўская (Кісялёва), Старавіленская, Вялікая Барысаўская (Максіма Багдановіча) вуліцы[4].

Прадмесьце ў наш час

У 1987 року менскія ўлады назвалі «Старажоўскай» вуліцу, якая праходзіла уздоўж набярэжнай Сьвіслачы паблізу крамы «Панарама», што з гістарычнага гледзішча не было дакладным[5].

22 сьнежня 2006 року мескія ўлады надалі безназоўнаму сквэру на рагу праспэкта Машэрава і вуліцы Старажоўскай назву «Старажоўскі сквэр»[6].

Старыя адрасы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Рог Вялікай Барысаўскай і Старажоўскай. Бровар «Багемія», заснаваны ў 1894 року графам К. Чапскім. Меў паравы рухавік і дасканалае на той час абсталяваньне. Праз два рокі бровар набылі Лекерты. Прадукцыя прадпрыемства атрымала пачэсную грамату Ўсерасейскай прамысловай і мастацкай выставы 1896 року ў Ніжнім Ноўгарадзе[7].
  • Міхайлаўская 81. Дрожджава-вінакурны завод Г. Гатоўскага. Пачаў дзейнічаць у 1881 року. У 1895 року пачаў вырабляць яшчэ і сьпірт. Меў паравы кацёл, які абслугоўваў таксама млын пры заводзе. У пачатку XX ст. прадпрыемства ўваходзіла ў склад манапалістычнага аб’яднаньня дрожджава-вінакурных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Цяпер будынак належыць хлебазаводу №2 (Камуністычная, 70).
  • Стара-Віленская, 26, дом Фэльдмана. Кансьпіратыўная кватэра РСДРП у часы першай сусьветнай вайны. Прыкладна на тым месцы цяпер стаіць будынак на рагу вуліц Старавіленскай і Кісялёва (Старавіленская, 56).
  • Старажоўскія могілкі. Царква роўнаапостальнай Марыі Магдалены, заснаваная ў 1847 року. У 1950-я рокі царкву перабудавалі, да 1989 року будынак належыў Архіўнаму кіраваньню БССР. Па рэстаўрацыі царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату (Кісялёва, 78).

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праекты і пляны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ Багданкевіч С. Старажоўка // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 552.
  4. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  5. ^ Бондаренко В. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы [1], Менск стары і новы
  6. ^ Решение 22-й сессии Минского городского Совета депутатов 24-го созыва №274 от 22.12.2006 «Аб прысваенні назваў вуліцы, скверам і мікрараёнам г. Мінска»
  7. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Менск: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [2] // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]