Менская ратуша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Менская ратуша
Менская ратуша
Менская ратуша
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′12.78″ пн. ш. 27°33′21.52″ у. д. / 53.90355° пн. ш. 27.5559778° у. д. / 53.90355; 27.5559778Каардынаты: 53°54′12.78″ пн. ш. 27°33′21.52″ у. д. / 53.90355° пн. ш. 27.5559778° у. д. / 53.90355; 27.5559778
Дата заснаваньня XVI ст., 2000-я
Статус Ахоўная зона
Менская ратуша на мапе Беларусі ±
Менская ратуша
Менская ратуша
Менская ратуша
Менская ратуша
Менская ратуша
Менская ратуша
Commons-logo.svg Менская ратуша на Вікісховішчы

Менская ратуша — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў у Менску, адзін з сымбаляў места. Знаходзіцца на гістарычным Высокім Рынку[a]. У 1851 року расейскі цар Мікалай І пастанавіў зруйнаваць будынак, што было зроблена ў 1857 року. У 2004 року завяршылася адбудова ратушы на месцы зьнішчанага расейскімі ўладамі помніка. Твор архітэктуры клясыцызму.

Да скасаваньня Магдэбурскага права для Менску (14 траўня 1795 року) у ратушы праходзілі паседжаньні органа мескага самакіраваньня — магістрату або рады, у будынку захоўваліся эталёны адзінак вагі і аб'ёму. На ратушнай вежы знаходзіўся першы мескі гадзіньнік[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра патрэбу збудаваць ратушу ўпершыню паведамляецца ў прывілеі на Магдэбурскае права, нададзеным Менску вялікім князем Аляксандрам 14 сакавіка 1499 року. Месца знаходжаньня будынка, у якім у гэты час праходзілі паседжаньні магістрату, дакладна не вядомае. У наступных прывілеях 1552 і 1569 рокаў зноў упамінаецца пра патрэбу пабудовы ратушы.

Упершыню існы будынак называецца ў дакумэнце 1582 року, калі падданага маёнтку Гарадзец пасадзілі ў вязьніцу, што месьцілася ў ратушы. Аднак у 1591 року места атрымала шэраг палёгкаў на «...ратуш, которы они тепер збудовати хочуть...»

У канцы XVI ст. сустракаюцца зьвесткі пра ратушу як будынак, што месьціўся на Высокім Рынку. У 1640 року пажар моцна пашкодзіў будынак, значную шкоду ратушы ўчынілі маскоўскія акупанты.

Рэканструкцыя выгляду, XVII ст.

Адноўленая ў паваенны час, ратуша, відаць, мела даволі выразнае архітэктурнае аблічча. Чэскі падарожнік Бэргард Танэр, які ў 1678 року наведаў Менск, пісаў: «Галоўнае ўпрыгожаньне пляцу ратуша, што стаіць у цэнтры, аточаная мноствам крамаў». У 1744 року будынак перабудавалі ў стылі барока[1] пад кіраўніцтвам і намаганьнямі менскага войта Станіслава Буржынскага. Існуюць зьвесткі, што ў канцы XVIII ст. пры ратушы дзейнічала партыкулярная аптэка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ратуша на малюнку XVIII ст.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) ратушу перабудавалі ў стылі клясыцызму (архітэктар Ф. Крамэр). Рысунак галоўнага фасаду будынка прыводзіўся ў «Атлясе Менскай губэрні». У будынку ратушы знаходзіліся магістрат, суд, гаўпвахта, гарадавы, паліцыя і архіў.

Наступную рэканструкцыю ратушы (архітэктар М. Чахоўскі) правялі ў 1819 року, калі да яе паўднёва-ўсходняга фасаду прыбудавалі арыгінальную агароджу, упрыгожаную ляпным дэкорам і маляўнічымі кампазыцыямі. У 1830-я рокі ў будынку месьцілася музычнай школа. У 1847 року залю, што знаходзілася на другім паверсе ратушы, рэканструявалі пад мескі тэатар (архітэктар К. Хршчановіч, афармленьне інтэр’ераў мастака Я. Кураткевіча).

У 1851 року расейскі цар Мікалай І пастанавіў зруйнаваць будынак менскай ратушы, што было зроблена ў 1857 року. Разам з ратушай зьнішчылі сквэр ды парубілі векавыя пірамідальныя таполі[2]. Сквэр аднавалі толькі ў канцы XIX ст.[3] Паводле ўспамінаў відавочцаў, ратушу зруйнавалі з тае прычыны, што «... яна сваім існаваньнем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбурскае права...»[4].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абмеры, кан. XVIII ст.

У 2002 року пачалася адбудова ратушы і ўжо 4 лістапада 2004 року адбылося ўрачыстае адкрыцьцё адноўленага сымбалю Менску.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мела выгляд тыповай для ратушаў Вялікага Княства Літоўскага XVII—XVIII стагодзьдзяў канструкцыі 2-павярховага выцягнутага дома зь вежай, якая выступала ў цэнтры за лінію галоўнага фасаду. Аналягічныя тыпы ратушаў былі ў Магілёве і Віцебску. Менская ратушная вежа прастакутная, 3-ярусная. У пачатку XVIII ст. страха, трэба меркаваць, была больш стромкай[5].

Па перабудове архітэктарам Ф. Крамэрам у канцы XVІІI ст. ратуша набыла рысы клясыцызму. Двухпавярховы прастакутны ў пляне будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтральная частка сымэтрычнага паводле кампазыцыі галоўнага фасаду вылучалася рызалітам з 3-маршавымі сходамі, і акцэнтавалася чацьверыковай вежай, завершанай шаломападобным купалам са шпілем і флюгерам. Рызаліт і тарцы мелі афармляліся 4-калённымі портыкамі іянічнага ордэна. На ўзроўні 2-га паверху ў прасторы портыка знаходзіўся балькон[6].

Археалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1998 року праводзіліся грунтоўныя археалягічныя дасьледаваньні пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук В. Собаля. Высьветлілася, што будынак ратушы пачалі будаваць у канцы XVI ст. на парожнім месцы, дзе раней адсутнічала забудова. Сьцены будынка ўзводзілі ў тэхніцы мяшанай муроўкі (вялікапамерная цэгла-пальчатка разам з каменьнем). Падлога ў дольных памяшканьнях была з прастакутнай керамічнай пліткі. Сьцены ўнутраных памяшканьняў былі атынкаванымі. У цэнтры будынка знайшлі рэшткі коміну, які ўпрыгожвала кафля з расьлінным арнамэнтам. Вокны былі зашклёныя круглымі шыбамі зь зялёнага шкла, якое ўстаўлялася ў мэталёвыя пераплёты. Увесь час свайго існаваньня будынак накрывала дахоўка[7].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Свабоды, 2

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Дзянісаў У. Менская ратуша // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 289.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 220.
  3. ^ Дзянісаў У. Рэканструкцыя і знос гарадскога сімвала // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 454.
  4. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 91.
  5. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 91—92.
  6. ^ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 335.
  7. ^ Дзянісаў У. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Ратуша // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 214.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Менск: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  711Е000001