Маргарыта Наварская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Маргарыта дэ Навара
франц. Marguerite de Navarre
Партрэт работы Жана Клюэ (к. 1530)
Партрэт работы Жана Клюэ (к. 1530)
каралева Наварская
24 студзеня 1527 — 21 сьнежня 1549
герцагіня Бэрыйская
11 кастрычніка 1517 — 21 сьнежня 1549
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася: 11 красавіка 1492
Ангулем
Памерла: 21 сьнежня 1549 (57 гадоў)
Адос
Сужэнец: Генрых II Наварскі і Карл IV (герцаг Алянсону)
Дзеці: Жанна д’Альбрэ
Бацька: Карл Ангулемскі
Маці: Люіза Савойская
Род: Ангулемская галіна Валюа

Маргарыта Нава́рская (па-француску: Marguerite de Navarre), таксама вядомая як Маргарыта дэ Валюа (франц. Marguerite de Valois), Маргарыта Ангулемская (франц. Marguerite d’Angoulême) і Маргарыта Француская (франц. Marguerite de France; 11 красавіка 1492, Ангулем — 21 сьнежня 1549, Адос ля Тарбу) — француская прынцэса, сястра караля Францыска I, адна зь першых жанчын-пісьменьніц Францыі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіла з Ангулемскай галіны дынастыі Валюа. Сястра францускага караля Францыска I Валюа. У 1509 стала жонкай прынца крыві герцага Карла IV Алянсонскага, памерлага неўзабаве пасьля бітвы пад Павіяй, а ў 1527 року выйшла паўторна за Генрыха д’Альбрэ, караля Наварскага. Зь ім мела дачку Жанну.

Маргарыта Наварская ўсё жыцьцё вылучалася вялікай адданасьцю свайму брату, езьдзіла ў Мадрыд клапаціцца пра ягонае вызваленьне пасьля паразы пад Павіяй.

Значны ўплыў на ейны сьветапогляд аказалі пратэстанты Ляфеўр д’Этапль і біскуп Мо Гіём Брысанэ, зь якім Маргарыта падтрымлівала ліставаньне. Двор Маргарыты быў істотным цэнтрам францускага гуманізму.

Маргарыта Наварская апекавалася Гіёмам Бюдэ, Клеманам Маро, Банавэнцюр Дэпэр’ё й іншымі літаратарамі. Сама яна ведала лаціну (магчыма, і грэцкую мову) і аказвала вялікі ўплыў на многіх выбітных асобаў таго чаму.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маргарыта Наварская (малюнак Дзюмант’ё паводле карціны Клюэ)

Двор Маргарыты ў месьце Нэраку быў адным з цэнтраў літаратуры, навукі і мастацтва Заходняй Эўропы. Выдатна адукаваная, адораная паэтычнымі здольнасьцямі, каралева прыцягвала да сябе паэтаў розных школаў, гуманістаў і вальнадумцаў, перасьледваных Царквою. Ейным заступніцтвам і гасьціннасьцю карысталіся сьветачы эўрапейскага Адраджэньня — Клеман Маро, Банавэнцюр Дэпэр’ё, Эразм Ратэрдамскі.

Пры двары Маргарыты быў зьдзейсьнены пераклад з лаціны кнігі «Дзеі данаў» Саксона Граматыка, у якой знаходзіцца аповед пра Гамлета, прынца дацкага, якім скарыстаўся Ўільям Шэксьпір для стварэньня сваёй п’есы.

Творы Маргарыты Наварскай адлюстроўваюць характэрны для яе напружаны рэлігійна-этычны пошук і спалучаюць мэдытацыйнасьць, а часам і містыцызм з пэўнай сухасьцю стылю. Рэзкае адмаўленьне з боку Сарбоны выклікала паэма «Люстэрка грэшнай душы» (Le Miroir de l’ame pecheresse, 1531), у якой знайшоў адбітак лютэранскі тэзіс пра апраўданьне верай; версыфікацыя паэмы нагадвае пра традыцыі Пэтраркі. Адгалоскі дыскусіяй між Эразмам і Лютэрам пра свабоду волі чутныя ў «Дыялёгу ў форме начнога відзежу» (Dialogue en forme de vision nocturne, 1524, апубл. 1533). Скону Францыска I прысьвечаная насычаная рэмінісцэнцыямі з апостала Паўла і Плятона паэма «Карабель» (Le Navire, 1547). Сярод іншых сачыненьняў: «Камэдыя, зыграная ў Мон-дэ-Марсане» (La Comédie de Mont-de-Marsan, 1548); ліставаньне з братам і іншымі асобамі (апублікаваная ў 1841). Нават фарс «Хворы» (Le Malade, 1535—1536) сканчаецца ў духу просталінейнага рэлігійнага настаўленьня. Бо́льшая частка вершаў Маргарыты ўвайшла ў склад зборніку «Маргарыткі прынцэсы Маргарыты» (Marguerites de la Marguerite des princesses, 1547).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Lefranc A. Les idees réligieuses de Marguerite de Navarre d’apres son oeuvre poétique. — P.: 1898.
  • Jourda P. Margueite d’Angoulême, duchesse d’Alencon, reine de Navarre. — P.: 1930.
  • Febvre L. Amour sacré, amour profane. Autour de l’Heptameron. — P.: 1944.
  • Cazauran N. L’Heptameron de Marguerite de Navarre. — P.: 1991.
  • Nicole Toussaint du Wast, Marguerite de Navarre, perle des Valois, Paris, Max Fourny, 1976.
  • Mary Duclaux, Mary James Darmesteter. La Reine de Navarre, Marguerite d’Angoulême, trad. de l’anglais par Pierre Mercieux, Paris, Calmann-Lévy, 1900
  • Jean-Luc Déjean, Marguerite de Navarre, Paris, Fayard, 1987
  • Verdun-Louis Saulnier, "Marguerite de Navarre : Art médiéval et pensée nouvelle", Revue Universitaire, LXIII, 1954

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Маргарыта Наварскаясховішча мультымэдыйных матэрыялаў