Гісторыя Менску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Першая гравюра Менску, 1772 г.

Менск — даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Належыць да ліку старадаўніх местаў Усходняй Эўропы[1]. Сталіца ўдзельнага княства, найбольшага ў Вялікім Княстве Літоўскім ваяводзтва і Беларускай Народнай Рэспублікі. У наш час палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны і навуковы цэнтар Беларусі. Тут захаваліся падмуркі старажытнай царквы на Замчышчы, царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, комплекс жаночага і мужчынскага базылянскіх манастыроў Сьвятога Духа, Траецкі манастыр базылянак, комплексы кляштараў бэрнардынак з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Язэпа (абодва ў стылі віленскага барока), фрагмэнты езуіцкага калегіюму і касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, забудова Траецкага і Ракаўскага прадмесьцяў, гасьціны двор, палацы Празьдзецкіх і Ваньковічаў, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша (адноўлена), кляштарныя комплексы францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, кармэлітаў з касьцёлам Сьвятой Марыі Магдалены і баніфратаў з касьцёлам Сьвятога Яна, помнікі архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зьнішчылі за савецкімі часам: забудову і культурны пласт замка, царкву Сьвятога Духа (рэнэсанс, адноўлена на захаваных падмурках), кляштарныя комплексы бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятога Войцеха (віленскага барока) і дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Тамаша Аквінскага, вежу і большую частку езуіцкага калегіюму, Халодную сынагогу (готыка), палацы Радзівілаў і Сапегаў, Юбілейную капліцу, забудову вуліцы Нямігі, помнікі гісторыі і архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў.

Кляштар бэрнардынаў, з мапы XVIII ст.
Высокае Места, малюнак XVIII ст.

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ратуша, абмеры канца XVIII ст.

Дакладная дата заснаваньня Менску невядомая. Паводле археалягічных зьвестак, найбольш старажытныя паселішчы на тэрыторыі сучаснага места існавалі яшчэ ў IX ст., калі даліну ракі Сьвіслачы засялялі плямёны крывічоў і дрыгавічоў. Каля 980 году гэтая тэрыторыя ўвайшла ў склад Полацкага княства.

Першы пісьмовы ўпамін пра Менск датуецца 1067 годам і зьмяшчаецца ў Аповесьці мінулых часоў, калі злучаныя войскі князёў Яраславічаў (кіеўскага — Ізяслава, пераяслаўскага — Сьвятаслава і чарнігаўскага — Усевалада) спалілі горад у час вайны з Усяславам Полацкім. Месца і час узьнікненьня Менску ў наш час выклікаюць дыскусіі: адныя дасьледнікі (А. Ясінскі, Г. Штыхаў і інш.) лічаць, што горад утварыўся яшчэ ў даслявянскія часы на рацэ Менцы, за 16 км на захад ад сучаснага цэнтру места, дзе захаваўся комплекс археалягічных помнікаў, і быў перанесены на цяперашняе месца па 1085 годзе, калі яго ў другі раз спалілі кіеўскія войскі. На думку іншых дасьледнікаў, дзяцінец (пазьней Менскі замак) збудавалі на правым беразе ракі Сьвіслачы пры ўтоку ў яе ракі Нямігі напярэдадні падзеяў 1067 году дзеля абароны паўднёвых межаў Полацкага княства.

Валокі Полацкія. Ю. Пешка, каля 1800 г.

Па падзеях 1067 году, яшчэ да паланеньня Ўсяслава на Ршы, Менскую воласьць перадалі ў валоданьне Яраполку Ізяславічу. Паселішча на Менцы пачало адраджацца, але Яраполк збудаваў новую вялікую (каля 3 га) крэпасьць на новым месцы — каля паселішча Няміза, на супрацьлеглым беразе Сьвіслачы. У новай крэпасьці з дапамогай польскіх майстроў ён распачаў будаваньне мураванай царквы, якое аднак ня скончылі. Яраполк валодаў Менскам і па вызваленьні Ўсяслава, які ў 1071 годзе спрабаваў выбіць яго адтуль, але пацярпеў паразу пры Галацічаску. У 1073 годзе Ўсяслаў пачаў перамовы з Ізяславам, якія скончыліся сватаўством за яго сына Глеба ўнучкі Ізяслава — Анастасіі Яраполкаўны, якая ў той час толькі нарадзілася. Відаць, у выніку гэтай дамовы Менск перайшоў да Глеба і такім чынам зноў апынуўся ў складзе Полацкай зямлі.

Пячатка з гербам Менску, 1591

У 1085 годзе толькі адроджанае паселішча на Менцы спаліў Уладзімер Манамах. Ацалелыя жыхары перасяліліся да крэпасьці пры сутоцы Нямігі і Сьвіслачы, а зь імі перасялілася і назва Менск, але яшчэ доўгі час Менскам звалася толькі паселішча на правым беразе Сьвіслачы, паселішча на левым беразе працягвала звацца Нямізай і толькі пазьней «старым местам».

Ратуша, каля 1800 г.

У канцы XI — пачатку XII стагодзьдзяў Менск стаў сталіцай удзельнага княства. Першым князем менскім быў Глеб Усяславіч. Менск атрымаў дадатковыя ўмацаваньні — вышыня валоў павялічылася да 8 мэтраў. Глеб праводзіў актыўную палітыку, што прычынілася да некалькіх паходаў на Менск войскаў паўднёва-рускіх князёў — Менск пасьпяхова вытрымаў 2 аблогі. Аднак у 1119 годзе горад захапілі і далучылі да Кіева. Князя Глеба Ўсяславіча зьняволілі ў кіеўскай вязьніцы, дзе ён і памёр. Па гэтым Менск разам з княствам трапіў у валоданьне да дзяцей Уладзімера Манамаха і толькі ў 1146 годзе перайшоў да нашчадкаў Глеба — Глебавічаў. Зь сярэдзіны XII ст. Менск зноў стаў сталіцай незалежнага княства, менскія князі вялі барацьбу за гегемонію ў Полацкай зямлі і неаднакроць займалі полацкі сталец. Палітычнае ўзвышэньне і зручнае геаграфічнае становішча спрыялі эканамічнаму росту Менску і яго пераўтварэньню ў рамесна-гандлёва цэнтар.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Менскага ваяводзтва, каля 1720 г.

У XIII ст. узмацніліся зьвязкі Менскага княства з Наваградкам, пазьней — зь Вільняй і Трокамі[2]. Зь сярэдзіны 1240-х гадоў, на запрашэньне мясцовых баяраў, у Наваградку пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1326 годам упамінаецца, што ў Ноўгарадзе ў складзе пасольства вялікага князя літоўскага Гедыміна быў князь менскі Васіль. У грамаце 1387 году Менск выступае другім (пасьля Полацку) вялікім местам у цэнтральнай і ўсходняй частках сучаснай Беларусі. У 1390 годзе вялікі князь Ягайла заснаваў на Траецкай Гары першы касьцёл. Паводле дакумэнтаў канца XVI ст., у Менску таксама было 10 прыходзкіх цэркваў і 4—5 манастырскіх.

Панарама Менску з боку Траецкай Гары, пач. XIX ст.

15 ліпеня 1410 году Менская харугва ўзяла ўдзел у пераможнай Грунвальдзкай бітве. Па Гарадзельскай уніі 1413 году места ўвайшло ў Віленскае ваяводзтва. Па сьмерці вялікага князя Вітаўта, за часамі змаганьня за сталец Вялікага Княства Літоўскага паміж Сьвідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам у 1433 (або 1434) годзе Менск захапілі аддзелы Сьвідрыгайлы, якія спалілі места і паланілі яго жыхароў. У 1444 годзе, паводле граматы вялікага князя, Менск уваходзіў у лік 14[3] найбольш разьвітых местаў Вялікага Княства Літоўскага. У 2-й палове XV ст. утварыўся Менскі павет Віленскага ваяводзтва.

Вялікі князь Аляксандар

14 сакавіка 1499 году вялікі князь Аляксандар надаў Менску Магдэбурскае права[a]. Кіраваньне местам перайшло да магістрату, у склад якога ўваходзілі 12 радцаў на чале з войтам і 2 бурмістрамі. У 1513 годзе ў Менскім замку адкрыўся першы шпіталь — прытулак пры Ўзьнясенскім манастыры для хворых і калек.

Дворык на Валоцкай. Ч. Манюшка, 1830 г.

У 1505 годзе Менск захапілі і спалілі крымскія татары, ацалеў толькі замак. У 1508 годзе ў час бунта М. Глінскага Менск вытрымаў амаль месячную аблогу, пазьней ваколіцы места 3—4 разы спусташалі маскоўскія войскі (апошні ў 1519 годзе[4]). У 1547 годзе вялізны пажар зьнішчыў Менскі замак і амаль усё места, вынікам чаго сталася пераплянаваньне Менску зь пераносам мескага цэнтру на Новае, або Высокае Места[4]. У сярэдзіне XVI ст. у месьце было 300 двароў, 35 вуліцаў і завулкаў. У 1564 годзе ў Менску ўзьнікла кальвінісцкая супольнасьць. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места стала сталіцай Менскага ваяводзтва, найбольшага ў Вялікім Княстве Літоўскім. У склад ваяводзтва ўваходзілі 60 местаў і мястэчак.

Палац Ваньковічаў у Сьляпянцы. Ч. Манюшка, 1830 г.

16 ліпеня 1569 году жыхары Менску атрымалі дазвол збудаваць гасьціны двор — буйны гандлёвы комплекс; той жа прывілей лічыцца пунктам адліку існаваньня ў месьце цэхаў, заснаваных на клясычных эўрапейскіх прынцыпах. У 1582 годзе ў Менску зьявілася мураваная ратуша[5], на вежы якой празь некаторы час усталявалі першы мескі гадзіньнік[6]. У 1588—1755 гадох праз год, паводле чаргі з Наваградкам, у Менску праходзілі сэсіі Літоўскага трыбуналу.

Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза

12 студзеня 1591 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту герб «фикгуру внебовзятья панны Марыи»[7]. У 1592 годзе пры саборнай царкве адкрылася першая брацкая школа. У 1605 годзе ў Менску заснавалі кляштар дамініканаў[8] — першы вядомы кляштар у месьце, а ў 1611 годзе — Петрапаўлаўскі манастыр[9], адзіны асяродак супраціўнікаў Берасьцейскай уніі ў месьце на працягу XVII—XVIII стагодзьдзяў. У 1620 годзе ў Менску наладзілі рэгулярнае паштовае злучэньне зь іншымі буйнымі местамі Рэчы Паспалітай. Да сярэдзіны XVII ст. места атрымала абарончую лінію зь землянога вала і бастыёнаў, пры якіх існавалі Койданаўская, Лошыцкая і Юраўская брамы.

Ратуша, абмеры 1835 г.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 3 ліпеня 1655 году Менск захапіла маскоўскае войска[10]. За наступныя чатыры гады акупацыі места вельмі моцна пацярпела ад рабаваньняў і амаль спусьцела[11]. У 1656 годзе поп Маскоўскага патрыярхату Іван, які ў гэты час быў у Менску, напісаў ліст свайму гаспадару Аляксею Міхайлавічу, у якім прасіў грошай, а таксама засьведчыў, што акупацыйная маскоўская залога[b][12]:

«

усе татары ды мардва, — расейскага нічога ня ведаюць

»

3 ліпеня 1660 году войскі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага вызвалілі Менск з-пад маскоўскай акупацыі[13]. На 1667 год у месьце было каля 300 двароў. Таго ж году яно стала часткай першага ў Вялікім Княстве Літоўскім міждзяржаўнага паштовага маршруту Вільня — Менск — МагілёўСмаленскМасква. У 2-й палове XVII ст. падарожнікі адзначалі ў Менску шматлікія цэрквы і камяніцы, разьвіты гандаль.

Высокі Рынак. Г. Герасімовіч, 1839 г.

У 1697 годзе Менск моцна пацярпеў ад пажару. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) празь места некалькі разоў у 1706—1708 і 1720 гадох праходзілі расейскія і швэдзкія войскі. 26 лютага — 24 сакавіка 1706 году тут спыняўся маскоўскі гаспадар Пётар I. У 1708 годзе ў Менску была маравая пошасьць і вялікі пажар. Нават у сярэдзіне XVIII ст. гэтыя падзеі адбіваліся на ўзроўні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця места.

Высокі Рынак. Б. Лявэрнь, 1840 г.

У 1713 годзе рэзыдэнцыя езуітаў у Менску атрымала статус калегіюму — навучальнай установы, што давала адукацыю на ўзроўні гуманітарнага ўнівэрсытэту[14]. У 1749 годзе побач зь езуіцкім касьцёлам збудавалі аптэку зь лябараторыяй (першая меская аптэка адкрылася яшчэ ў 1659 годзе). Па скасаваньні ордэна езуітаў у 1773 годзе, калегіюм пераўтварылі ў сьвецкую навучальную ўстанову — Менскую гімназію. На 1775 год у Менску было больш за 400 двароў (у канцы XVIII ст. — да 1000 двароў), на 1790 год — больш за 40 вуліцаў і завулкаў. У 1783 годзе зьявіўся першы плян забудовы места. Згодна з пастановай магістрату 1786 году, на ўсіх будынках ўсталявалі нумары. У 1791 годзе ў Менску адкрыўся шпіталь войска Вялікага Княства Літоўскага. У 1790-я гады ў месьце было 89 крамаў, штогод праводзіліся 2 кірмашы, якія цягнуліся каля 2 тыдняў. У канцы XVIII ст. у Менску пачалі выступаць прафэсійныя тэатральныя калектывы (у 1825 годзе пад мескі тэатар адмыслова адрэстаўравалі палац Радзівілаў на Высокім Рынку).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама з боку Барысаўскага гасьцінца. Б. Лявэрнь, 1840 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў адміністрацыйным цэнтрам Менскай губэрні. 14 траўня 1795 году расейскія ўлады скасавалі Магдэбурскае права, а 29 сьнежня 1796 году — даравалі месту новы герб зь дзьвюхгаловым арлом.

Духаўская царква, абмеры 1843 г.

У 1793 годзе ўтварылася Менская япархія Маскоўскага патрыярхату, 28 студзеня 1798 году — Менская дыяцэзія Рымска-Каталіцкай царквы, адкрылася каталіцкая духоўная сэмінарыя (дзейнічала да 1869 году)[15]. У 1799 годзе ў месьце зьявілася першая муніцыпальная лякарня. На 1800 год у Менску было 1009 дамоў, зь іх 39 мураваных. 24 студзеня 1803 году адкрылася Менская мужчынская губэрнская гімназія. Таго ж году ўтварыўся аркестар, які выступаў з публічнымі канцэртамі ў мескім парку, а ў сьвяточныя дні — на галерэі ратушы.

Валокі Полацкія. Ч. Манюшка, 1849 г.

У вайну 1812 году 8 ліпеня ў Менск увайшлі францускія войскі. 27 ліпеня места стала цэнтрам дэпартамэнту адноўленага Напалеонам Вялікага Княства Літоўскага. Адміністрацыйная рада Менскага дэпартамэнту наладзіла выпуск першай мескай газэты «Тымчасовая газэта Менская» (польск. «Tymczasowa gazeta Mińska»). 16 лістапада места зноў занялі расейскія войскі.

Касьцёл дамініканаў, абмеры 1-й пал. XIX ст.

30 траўня 1835 году адбыўся моцны пажар, які зьнішчыў амаль усю цэнтральную частку Менску. У 1836 годзе ў месьце адкрылася першая публічная бібліятэка, у 1837 годзе — зьявілася ўласная пажарная каманда. У выніку эпідэміі халеры 1848 году ў Менску загінула 1,1 тыс. чалавек. У 1859 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю першай на Беларусі тэлеграфнай лініі Менск — Бабруйск.

У 1839 годзе, нягледзячы на гвалт з боку ўладаў Расейскай імпэрыі, прадстаўнікі менскіх уніятаў адмовіліся далучацца да Маскоўскага патрыярхату[16]. 9 лютага 1852 году, нягледзячы на забарону расейскіх уладаў[17], на сцэне Менскага мескага тэатру адбылася прэм’ера першай беларускамоўнай опэры «Ідылія» на музыку С. Манюшкі і К. Крыжаноўскага, лібрэта напісаў В. Дунін-Марцінкевіч. У 1857 годзе на загад расейскага цара Мікалая I у Менску зьнішчылі будынак мескай ратушы і прылеглы да яе сквэр зь векавых пірамідальных таполяў. Паводле ўспамінаў відавочцаў, ратушу зруйнавалі з наступнай прычыны[18]:

« … яна сваім існаваньнем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбурскае права … »
Петрапаўлаўская царква. Д. Струкаў, 1864 г.

У 1863—1870 гадох у зьвязку з нацыянальна-вызвольным паўстаньнем царскія ўлады ўвялі ў Менску ваеннае становішча. Нягледзячы на гэта, месьцічы ўзялі актыўны ўдзел у выступленьні[19]. У 1866 годзе па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады перайменавалі большасьць цэнтральных вуліцаў Менску (агулам 17 назваў[20]), што зьявілася шараговым захадам царызму ў палітыцы маскалізацыі беларусаў і змаганьні з нацыянальна-вызвольным рухам. Іншым кірункам гэтай палітыкі стала руйнаваньне расейскімі ўладамі помнікаў сакральнай архітэктуры: у 2-й палове XIX ст. яны зьнішчылі мураваныя касьцёлы баніфратаў, кармэлітаў і францішканаў, зьнявечылі касьцёлы бэрнардынаў і дамініканаў, перабудавалі ў маскоўскім стылі Духаўскую і Петрапаўлаўскую цэрквы.

Катэдра. Д. Струкаў, 1864 г.

28 лістапада 1871 годзе празь Менск прайшла чыгунка ВаршаваМасква. У 1872 годзе на Новым Месьце заклалі Аляксандраўскі сквэр. У 1873 годзе пачаў дзейнічаць Менскі камэрцыйны банк, у месьце зьявіўся водаправод[21]. Таго ж году празь Менску пачаўся рух на Лібаўска-Роменскай чыгунцы. У 1874 годзе ў Аляксандраўскім сквэры збудавалі першы ў месьце фантан. У 1881 годзе ў Менску заснавалі машынабудаўнічы і чыгунна-медна-мэталюргічны заводы (Кашарскі машынабудаўнічы завод). Таго ж году адкрыліся менскія аддзелы Дзяржаўнага банку Расейскай імпэрыі і Расейскага тэлеграфнага агенцтва. У 1890 годзе ў Менску наладзілі тэлефонную сувязь, а з 1896 году пачала дзейнічаць першая на Беларусі тэлефонная станцыя агульнага карыстаньня. 10 траўня 1892 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё конкі — першага мескага грамадзкага транспарту. У 1895 годзе ў Менску адкрылася мэтэастанцыя, а 12 студзеня 1895 году — электрастанцыя[22]. 26 верасьня 1891 году ў Мескім садзе адбыўся палёт аэранаўта Драўніцкага на паветраным шары і ягоны спуск на парашуце ўласнага вырабу. На 1897 год у Менску было 7476 будынкаў, зь іх 2110 мураваных, 140 вуліцаў і завулкаў; дзейнічалі 18 сакральных будынкаў.

Духаўская царква па маскоўскай перабудове, 1867 г.

У 1870—1880-я гады ў Менску дзейнічалі народніцкія гурткі. 7 красавіка 1876 году адбыўся страйк працоўных чыгуначных майстэрняў, першы ў Менску. У 1886 годзе пачалося выданьне газэты «Минскій листокъ», у якой 28 траўня 1889 году ўпершыню надрукавалі беларускую паэму «Тарас на Парнасе». 1—3 сакавіка 1898 году ў месьце адбыўся першы зьезд РСДРП, у 1900 годзе ўтварылася Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы. 18 студзеня 1900 году адбылася першая ў Менску вулічная дэманстрацыя працоўных. У час рэвалюцыі 1905 году 16 лютага адбылася палітычная дэманстрацыя і страйк навучэнцаў сярэдніх навучальных установаў; 18 кастрычніка царскія ўлады расстралялі мітынг на Прывакзальным пляцы (Курлоўскі расстрэл); 8 сьнежня адбыўся ўсеагульны страйк у Менску. 1 сьнежня 1906 году ў Менску ўтварылася беларускае кніжнае аб’яднаньне «Мінчук».

У 1905 годзе зь Берасьцейскага і Віленскага вакзалаў наладзілі рух дачных цягнікоў у прадмесьці Курасоўшчыну і Серабранку. У 1907 годзе ў Менску пачаў працаваць мэталаапрацоўчы завод «Гігант». 21 жніўня 1911 году ў прадмесьці Камароўцы заснавалі Менскую балотную досьледную станцыю — першую дзяржаўную навуковую ўстанову на Беларусі. На 1913 год у Менску было 10,3 тыс. будынкаў (зь іх 15% мураваныя), 305 вуліцаў і завулкаў, працавалі 104 фабрыкі, заводы і мануфактуры, на якіх было 5,1 работнікаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 году ўтварылася Менская вайсковая акруга. У 1915 годзе Менск стаў прыфрантавым местам. Дзейнічаў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Па Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году тут утварыўся Менскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У красавіку — ліпені ў Менску адбыліся зьезды беларускіх нацыянальных арганізацыяў, беларускіх нацыянальных арганізацыяў і партыяў. 20 красавіка (3 траўня) 1917 году жыхары места ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня; у месьце адбылася вялікая патрыятычная маніфэстацыя, у якой удзельнічала 40 тыс. чалавек[23]. 1—2 кастрычніка 1917 году менчукі ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну сьмерці Тадэвуша Касьцюшкі; урачыстасьці адбываліся ў каталіцкай катэдры і ў мескім тэатры; аднак, удзельнічалі ў іх толькі польскія арганізацыі[24].

Панарама з боку Раманаўскай Слабады, 1868 г.

У лістападзе 1917 году ў Менску ўтварыўся каардынацыйны цэнтар беларускага нацыянальна-вызвольнага руху — Вялікая беларуская рада. 5 сьнежня ў месьце распачаўся Першы Ўсебеларускі кангрэс. У ноч з 17 на 18 сьнежня (паводле старога стылю) бальшавікі разагналі зьезд. 18 сьнежня дэлегаты Рады Ўсебеларускага кангрэсу, у складзе 56 чалавек на чале зь Язэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пастанавілі падпарадкаваць сабе Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР), а таксама выдзелілі з свайго складу кіроўны орган — Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага кангрэсу. Ён стаў юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належала Першаму Ўсебеларускаму кангрэсу. Выканкам Усебеларускага кангрэсу атрымаў даручэньне, як толькі будзе магчымым, узяць уладу на Беларусі ў свае рукі і рыхтавацца да гэтага вырашальнага моманту.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Высокі Рынак. Н. Орда, 1870 г.

19 лютага 1918 году беларускія і польскія месьцічы супольна вызвалілі Менск ад бальшавікоў; палякі загадвалі адміністрацыяй заходняй, большай часткі места, беларусы — усходняй[25]. 21 лютага 1918 году беларуска-польская адміністрацыя Менску перадала места войскам кайзэраўскай Нямеччыны[25]. У гэты час у Менску дзейнічалі Акруговая рада і Польская рада Менскай зямлі. У канцы 1917 году ўтварыўся Прафсаюз імя Станіслава Сташыца. Усе польскія арганізацыі трапілі пад рэпрэсіі немцаў[26].

Высокі Рынак, 1870 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Менск абвяшчаўся сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі. У красавіку 1918 году адкрылася Менская вышэйшая музычная школа, неўзабаве пераўтвораная ў Беларускую кансэрваторыю. На базе Менскага пэдагагічнага інстытуту рыхтавалася адкрыцьцё Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, таксама плянавалася адкрыцьцё сельскагаспадарчага і політэхнічнага інстытутаў[27].

Менск па пажары, 1881 г.

Увосень 1918 году сфармавалася Самаабарона Менскай і Гарадзенскай зямлі — вайсковая арганізацыя, якой мэтай была абарона гэтых зямель ад бальшавікоў. У Менску яе арганізаваў генэрал Аляксандар Бэрнатовіч, пазьней, з намінацыі Юзэфа Пілсудзкага, кіраваў палкоўнік Каборда[28]. 5 студзеня[29] 1919 году Менск занялі бальшавікі, якія абвясьцілі яго сталіцай Беларускай ССР. Новая ўлада пачала рэпрэсіі супраць беларускіх, польскіх і іншых арганізацыяў, непрыхільных да бальшавізму. Польская акругавая рада ператварылася ў Зьвяз польскіх радаў і арганізацыяў, а таксама абрала з свайго складу Выканаўчы камітэт. Па рэпрэсіях, у выніку падпольных выбараў абралі Галоўную раду. Яе сябрамі былі: біскуп Зыгмунт Лазінскі, Ізалевіч, Альгерд Яленскі, Вітаўт Ян (?) Сьвіда, Петшак і доктар Оффэнбэрг. Прафсаюз імя Сташыца трапіў пад савецкія рэпрэсіі, у выніку чаго яго ліквідавалі. У той час легальна і адкрыта дзейнічаў польскі Зьвяз хрысьціянскай дэмакратыі — арганізацыя, якая мела каля 3 тым. сяброў, патрымку каталіцкага касьцёла, падтрымлівала дэмакратыю, але адначасна непрыхільна ставілася да беларускага руху. Кіраваў ёй Шчэпанскі[26]. 8 жніўня 1919 году войскі міжваеннай Польскай Рэспублікі занялі Менску ў час апэрацыі пад камандаю генэрала Станіслава Шаптыцкага, з удзелам войскаў вялікапольскіх (паміж іншым 15-ы полк уланаў пад камандаю палкоўніка Ўладзіслава Андэрса) і з дапамогай часткі «сінай арміі» генэрала Галера. У места ў першай чарзе ўвайшлі: 2-гі дывізіён легіёнаў, а па ім 1-ы дывізіён вялікапольскіх стральцоў. Бальшавікі страцілі кантроль над Менскам. У часе атакі на места польскія войскі пацярпелі вельмі нязначна. Вайсковым камэндантам Менску стаў палкоўнік Зьдзіслаў Раабэ. Польскія вайсковыя жандармы правялі арышты бальшавіцкіх агэнтаў і супрацоўнікаў службаў бясьпекі. 9 жніўня ў Менск прыехаў з сваім штабам генэрал Шаптыцкі, а 10 жніўня зладзілі сьвяткаваньне з нагоды вызваленьня ад бальшавізму[30]. 15 верасьня 1919 году ўтварылася Менская акруга Грамадзянскай управы ўсходніх земляў — часовай адміністрацыйнай адзінкі міжваеннай Польскай Рэспублікі[c]; пачалі разьвівацца польскія арганізацыі (агулам у 1917—1920 гадох іх было 33)[26]. У Менску ўтварался Таварыства імя Юзэфа Пілсудзкага, якое падтрымлівала беларуска-польскую фэдэрацыю. Сьпярша ў ім налічвалася каля 1 тыс. сяброў, праз 5 месяцаў — каля 3 тыс., а таксама 15 аддзелаў у правінцыі[31]. У 1919/1920 навучальным годзе жыхары Менску атрымалі магчымасьць абіраць паміж беларускімі, жыдоўскімі, польскімі і расейскімі школамі[32]. У гэты час у месьце працавала 26 сярэдніх школаў, у тым ліку 15 расейскіх (агулам 2532 вучняў, 147 настаўнікоў), 6 жыдоўскіх (агулам 1620 вучняў, 58 настаўнікоў), 4 польскія (агулам 1564 вучняў, 97 настаўнікоў) і 1 беларуская (106 вучняў, 12 настаўнікоў)[33]. У ліпені 1920 году Менск зноў занялі бальшавікі, 12 кастрычніка — польскія войскі, якія аднак здолелі пратрымацца толькі на некалькі дзён. 18 сакавіка 1921 году згодна з Рыскай мірнай дамовай места адышло да СССР.

Кляштар бэнэдыктынак па маскоўскай перабудове, 1890 г.

18 красавіка 1921 году ў Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і першая навуковая бібліятэка. 23 кастрычніка 1924 году пачаў працу першы маршрутны пасажырскі аўтобус (марка «Лейланд»)[34]. У 1925 годзе ў Менску і ў БССР увогуле пачаліся першыя радыёперадачы. У 1928 году ў месьце адкрыўся першы хлебазавод[35]. 1 студзеня 1929 году Інстытут беларускай культуры, што месьціўся ў Менску з 1922 году, рэарганізавалі ў Беларускую акадэмію навук[36] (цяпер — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі). 13 кастрычніка 1929 году ў месьце адбыўся пуск трамвая. У 1933 годзе пачаў дзейнічаць менскі аэрапорт.

У 1936 годзе савецкія ўлады ўзарвалі Духаўскую царкву, унікальны помнік архітэктуры эпохі Рэнэсансу[37][38][39]. У 1937—1941 гадох ува ўрочышчы Курапатах, што непадалёк ад Менску, бальшавікі-сталіністы расстралялі паводле розных ацэнак ад 30 000 да 250 000[40] (або значна больш[41]) жыхароў Беларусі. Сярод іншага савецкія ўлады фізычна і духоўна зьнішчылі 32 менскія гісторыкі, а іхныя працы выдалілі з навуковых бібліятэк. Увогуле, была поўнасьцю зьніштожаная беларуская гістарычная школа[42].

У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году Менск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У гэты час бурмістрамі места былі Вітаўт Тумаш (ліпень 1941 — лістапад 1941), Вацлаў Іваноўскі (17 лістапада 1941 — 7 сьнежня 1943), Анатоль Комар (сьнежань 1943 — ліпень 1944).

У час вайны Менск быў практычна ўшчэнт зруйнаваны агульнымі намаганьнямі нацыстаў і бальшавікоў[43]. Аднак найбольш каштоўныя помнікі архітэктуры савецкія ўлады зьнішчылі ў паваенныя часы: у 1950 годзе яны ўзарвалі дамініканскія касьцёл і кляштар, на аднаўленьне якіх напярэдадні атрымалі кантрыбуцыю ад Нямеччыны, у 1951 годзе — зьнявечылі езуіцкі касьцёл і зьнішчылі частку калегіюму зь вежай, у 1950-я гады скапалі замкавую гару і вывезьлі яе за межы места[44], у сярэдзіне 1960-х гадоў — зьнішчылі бэнэдыктынскія касьцёл з кляштарам, Халодную сынагогу (адзіны ў Менску помнік архітэктуры готыкі) і забудову вуліцы Нямігі, у 1984 годзе — зьнішчылі будынак першага мескага тэатру (колішні палац Радзівілаў).

1 студзеня 1956 году ў Менску пачаліся тэлевізійныя трансьляцыі. 26 чэрвеня 1974 году места атрымала ганаровае званьне «Горад-Герой»[45][46]. 26 чэрвеня 1984 году адбыўся ўвод у эксплюатацыю Менскага мэтрапалітэну.

27 ліпеня 1990 году Менск стаў сталіцай незалежнай Беларусі. 7 лістапада 1990 году на плошчы Леніна адбыўся мітынг — найбуйнейшая апазыцыйная акцыя (арганізаваная БНФ) антыкамуністычнага характару, якая адбылася ў гісторыі БССР. 5 верасьня 1991 году мескія ўлады зацьвердзілі гістарычны герб Менску. У 1993 годзе ў Менску адбыўся Першы зьезд беларусаў сьвету, у 1994 годзе — першая сустрэча беларускай моладзі сьвету[47].

У 2004 годзе ў Менску адбудавалі зруйнаваную расейскімі ўладамі ратушу, у 2011 годзе — зруйнаваную савецкімі ўладамі царкву Сьвятога Духа.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малюнкі Караля Біске[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малюнкі Язэпа Драздовіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творы іншых мастакоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя панарамы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захараўская вуліца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здымкі Мікалая Астанковіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здымкі Севярына Някрасава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здымкі Ісака Сербава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каляровыя паштоўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здымкі Льва Дашкевіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аэрафотаздымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Привилей месту Менскому, на право майдеборское и иные вольности. 14.03.1499 г. // АЗР Т. 1: 1340—1506. — Спб., 1846. № 165. С. 187—189.
  2. ^ Беларускі Архіў. Т.3. — Менск, 1930. С. 192.
  3. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 19, poz. 174.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Чирский Н. А., Чирский Е. Н. Минск: Путеводитель. — Мн.: Университетское, 2002. — С. 8.
  2. ^ Баравы Р. Менск // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 285.
  3. ^ Баравы Р. Менск // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 286.
  4. ^ а б Баравы Р. Менск // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 287.
  5. ^ Дзянісаў У. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Ратуша // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 213.
  6. ^ Дзянісаў У. Менская ратуша // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 289.
  7. ^ Цітоў А.. Сімвалы горада і Менскага ваяводзтва: Пячаткі і герб // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 215.
  8. ^ Дзянісаў У. Менскі кляштар дамініканцаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 294.
  9. ^ Баравы Р. Менскі Петрапаўлаўскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 296.
  10. ^ Соўсь Г. 3 ліпеня 1655 году расейскае войска захапіла Менск // «Радыё Свабода», 3 ліпеня 2008 г.
  11. ^ Баравы Р. Менск // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 288.
  12. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  13. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 24.
  14. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 168.
  15. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 564.
  16. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 187.
  17. ^ Ярмалінская В. Дзе нарадзілася «Ідылія» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 421.
  18. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 91.
  19. ^ БЭ. Т. 10. — Менск, 2000. С. 394.
  20. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 220.
  21. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 124.
  22. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 128.
  23. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 114—115.
  24. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 123.
  25. ^ а б Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 144—146.
  26. ^ а б в Gierowska-Kałłaur J. Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920). Wyd. 1. — Warszawa: Wydawnictwo Neriton, Instytut Historii PAN, 2003. S. 262—263.
  27. ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 386.
  28. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 47-48.
  29. ^ Трусаў А. Вялікае Княства Смаленскае // «Наша Слова» № 34 (822), 5 верасня 2007.
  30. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 180—182.
  31. ^ Gierowska-Kałłaur J. Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920). Wyd. 1. — Warszawa: Wydawnictwo Neriton, Instytut Historii PAN, 2003. S. 207—208.
  32. ^ Gierowska-Kałłaur J. Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920). Wyd. 1. — Warszawa: Wydawnictwo Neriton, Instytut Historii PAN, 2003. S. 248—249.
  33. ^ Gierowska-Kałłaur J. Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920). Wyd. 1. — Warszawa: Wydawnictwo Neriton, Instytut Historii PAN, 2003. S. 248—249.
  34. ^ Етчик Е. Л. Минск от конки до метро. — Мн.: Полымя, 1991. [1]
  35. ^ Ретро: Хлебопекарни Минска во время войны [2]
  36. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 401.
  37. ^ Квитницкая Е. Д. Особенности средневековых храмов Белоруссии // «Архитектурное наследство» № 23, 1975. С. 85.
  38. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 60.
  39. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 68.
  40. ^ Winnicki Z. Szkice kojdanowskie. — Wrocław: Wydawnictwo GAJT, 2005. S. 77—78.
  41. ^ Davies N. Powstanie '44. — Kraków: Wydawnictwo Znak, 2004. S. 195.
  42. ^ Катлярчук А. Прадмова да «літоўскага» нумару // Arche №9, 2009.
  43. ^ Лашкевіч К. 5 афіцыёзных міфаў пра Мінск. TUT.BYПраверана 11 верасьня 2009 г.
  44. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 14
  45. ^ Шупа С. Радыё Свабода год за годам: 1974 // «Радыё Свабода». 21 ліпеня 2009 г.
  46. ^ Указ Президиума Верховного Совета СССР от 26 июня 1974 года № 6163-VIII «О присвоении городу Минску почётного звания „Город-Герой“» // Ведомости Верховного Совета СССР, 1974 г., № 27, ст. 394.
  47. ^ БЭ. Т. 10. — Менск, 2000. С. 395.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]